“Ніякае багацце людзей не бывае даражэйшым за родную мову”. Менавіта гэтыя словы Якуба Коласа сталі дэвізам правядзення ва ўстановах адукацыі Слонімскага раёна тыдня роднай мовы, прысвечанага Міжнароднаму дню роднай мовы, які праходзіў ва ўсіх установах адукацыі Слонімшчыны с 16 па 21 лютага 2026 года.
Падчас гэтых дат настаўнікі, вучні бацькі і іншыя супрацоўнікі мелі магчымасць дадаткова акунуцца ў свет роднай мовы, пачуць шчырае гучанне беларускага слова, датыкнуцца да беларускай спадчыны.
У межах тыдня складзены план змястоўных і займальных мерапрыемстваў. накіраваных на папулярызацыю і пашырэнне сферы выкарыстання беларускай мовы ў жыцці грамадства, веданне традыцый і звычаяў беларускага народа, захаванне і ўзбагачэнне скарбаў роднага краю.
Вучні актыўна ўключыліся ў акцыі “Размаўляем па-беларуску”, “Я мову маю люблю”, “Роднай мовы ласкавыя, ветлівыя словы”.
Ва ўсіх школах прайшоў займальны конкурс “Знаўцы роднай мовы”, дзе каманды вучняў змагаліся ў розных конкурсах: адгадвалі загадкі, выконвалі арфаграфічныя тэсты, дэкламавалі вершы на роднай мове. Конкурс спрыяў паглыбленню ведаў па роднай мове, а таксама падкрэсліў яе мілагучнасць, шчырасць і напеўнасць. Дзеці не толькі праверылі ўласныя веды, але і адчулі прыгажосць беларускай мовы ў практыцы.
Праведзены мерапрыемствы, прысвечаныя беларускім народным традыцыям, звычаям і абрадам, у межах якіх вучні з задавальненнем удзельнічалі ў тэатралізаваных народных святах, спрабавалі беларускія стравы.
На працягу тыдня ў школьных бібліятэках арганізоўваліся выставы, прысвечаныя пісьменнікам-юбілярам.
12 лютага 576 навучэнцаў раёна прынялі ўдзел у інтэлектуальнай гульне - конкурсе “Буслік – 2026”.
Ключавым мерапрыемствам тыдня стаў 20 лютага Гродзенскі абласны дыктант, прысвечаны Міжнароднаму дню роднай мовы, які абяднаў 1368 удзельнікаў: кіраўнікоў, намеснікаў, вучняў, настаўнікаў, бацькоў. Тэма дыктоўкі – Год беларускай жанчыны. Удзел у абласной акцыі – гэта магчымасць для кожнага ўдзельніка выказаць любоў і павагу да мовы нашых продкаў, да нашай культуры і гісторыі, а таксама пашану да беларускай жанчыны.