Міжнародны дзень роднай мовы

“Трэба любіць, ведаць і шанаваць мову свайго народа і ўмець дасканала валодаць ёю”. Менавіта гэтыя словы Якуба Коласа сталі дэвізам правядзення ва ўстановах адукацыі Слонімскага раёна дэкады роднай мовы, прысвечанай Міжнароднаму дню роднай мовы.

У межах дэкады складзены план змястоўных і займальных мерапрыемстваў, накіраваных на  папулярызацыю і пашырэнне сферы выкарыстання беларускай мовы ў жыцці грамадства.

Вучні актыўна ўключыліся ў акцыі “Размаўляем па-беларуску”, “Я мову маю люблю”, спаборнічалі ў віктарынах на лепшага знаўцу беларускіх традыцый, мовы і літаратуры, удзельнічалі ў тэатралізаваных народных святах, спрабавалі беларускія стравы.

На працягу дэкады ў школьных бібліятэках арганізоўваліся выставы, прысвечаныя пісьменнікам-юбілярам.

13 лютага 730 навучэнцаў раёна прынялі ўдзел у інтэлектуальнай гульне - конкурсе  Буслік – 2025”.

Ключавым мерапрыемствам дэкады стаў 21 лютага Гродзенскі абласны дыктант, прысвечаны Міжнароднаму дню роднай мовы, які абяднаў 1385 удзельнікаў: кіраўнікоў, намеснікаў, вучняў, настаўнікаў, бацькоў, спецыялістаў ўпраўлення адукацыі і Слонімскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета. Тэма дыктоўкі – 80-годдзе Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Удзел у абласной акцыі  – гэта магчымасць для кожнага ўдзельніка выказаць любоў і павагу да мовы нашых продкаў, да нашай культуры і гісторыі, выказаць пашану да подзвігу нашых бацькоў і дзядоў, якія цаной свайго жыцця абаранілі свет ад нацызму і падарылі нам мірнае жыццё  ў незалежнай Беларусі.