7 мая ў межах святкавання Дня Перамогі ва ўсіх установах адукацыі Слонімскага раёна была праведзена раённая акцыя “Напішам дыктант Перамогі разам”, арганізаваная ўпраўленнем адукацыі Слонімскага райвыканкама.
Мэта правядзення дыктанта – папулярызацыя беларускай мовы, фарміраванне ў удзельнікаў дыктанта грамадзянскасці, патрыятызму, павагі да гістарычнага мінулага краіны, свядомага стаўлення да мовы як нацыянальнай культурнай каштоўнасці. Дыктант быў прысвечаны 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і абяднаў 4300 удзельнікаў: кіраўнікоў, намеснікаў, вучняў, настаўнікаў, бацькоў, спецыялістаў упраўлення адукацыі і Слонімскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета.
Удзел у раённай акцыі – гэта магчымасць для кожнага ўдзельніка выказаць любоў і павагу да мовы нашых продкаў, да нашай культуры і гісторыі, выказаць пашану да подзвігу нашых бацькоў і дзядоў, якія цаной свайго жыцця абаранілі свет ад нацызму і падарылі нам мірнае жыццё ў незалежнай Беларусі.
Удзел у “дыктанце Перамогі”– гэта сведчанне таго, што памяць аб Вялікай Айчыннай вайне жыве ў сэрцах новых пакаленняў. Яны ўсведамляюць важнасць захавання гістарычнай праўды і гатовыя адстойваць яе ад любых спроб скажэння.